Прыемная:
Пн-пт: 9.00-13.00,
14.00-18.00
Сб, нд: выходной
210029, г. Віцебск,
вул. Праўды, 26а
І ў цяперашні час крыніцы, з’яўляючыся тыповымі кампанентамі прыроднага асяроддзя Беларусі, іграюць немалаважную ролю ў сацыяльным і духоўным жыцці людзей. Яны з’яўляюцца ўнікальнымі воднымі аб’ектамі як з пункта гледжання іх фарміравання, так і сучаснага іх існавання ў ролі ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці. Акрамя таго, крыніцы часта даюць пачатак рэкам і рачулкам, іх выкарыстоўваюць людзі для паўсядзённых патрэб.
У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя лічаць, што да крыніц, якія з’яўляюцца асаблівым відам экасістэмы, патрэбен спецыфічны падыход і адпаведнае навукова-метадычнае і нарматыўнае суправаджэнне. З гэтай мэтай у пачатку лістапада ў Мінску павінен адбыцца Міжнародны Водны Форум «Крыніцы Беларусі». На ім абмяркуюць праблемы і прымуць рашэнні наконт устойлівага функцыянавання водных экасістэм, уключаючы і крыніцы.
Рыхтуючыся да форуму, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абвясціла і акцыю «Раскажы пра сваю крыніцу». У прыватнасці, у Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды сумесна з зацікаўленымі службамі і грамадскасцю прыводзілі ў парадак тэрыторыю вакол крыніц.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці 10 крыніц аб’яўлены гідралагічнымі памятнікамі прыроды рэспубліканскага значэння, 23 — мясцовага. У межах памятнікаў прыроды ўстаноўлены рэжым аховы і выкарыстання, у адпаведнасці з якім там дазволена толькі вадзіцы папіць. А пад кіраўніцтвам раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя супрацоўнікі Браслаўскага лясніцтва нацыянальнага парка з дапамогай грамадскіх эколагаў у Рацкім бары ўладкавалі і малавядомую крыніцу. Цяпер любы спадарожнік зможа адпачыць тут на лаўцы і прагнаць смагу празрыстай сцюдзёнай вадой.